Новапалачане гучна заявілі пра сябе на Міжнародным фестываліконкурсе мастацтваў «Залатая мара» (г.Магілёў). У намінацыі «Народны вакал» вылучыліся салісты ўзорнага ансамбля танца і песні «Прыдзвінскія россыпы» Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Нэлі Бароўскай. Раман Караленка заваяваў дыплом III ступені, Анастасія Крывец адзначана дыпломам удзельніка.
Россып узнагарод з гэтага конкурсу прывезлі навучэнцы Наваполацкага музычнага каледжа. У намінацыі «Народная музыка» дыплом лаўрэата І ступені заваявала Ганна Матвейка. Другую прыступку конкурснага п’едэстала заняў Сцяпан Аляксандровіч. Такой жа ўзнагароды ў намінацыі «Эстрадная музыка» дамагліся Дзяніс Ясіновіч, Дар’я Аўласенка і Вадзім Шахманаў. А вось Арцём Герцык стаў лаўрэатам І ступені ў гэтай жа намінацыі. Удала з’ездзілі і вакалісты: Ірына Іршонак – лаўрэат першай ступені, Валерыя Тадасіева, Яна Салаўёва – другой, Анастасія Зянкевіч – трэцяй. Вакальны ансамбль «Лаўрыта» (кіраўнік Маргарыта Крупянько) адзначаны дыпломам І ступені, а юная выхаванка дзіцячай музычнай школы пры каледжы Варвара Бароўская – дыпломам удзельніка.
Найбольшага поспеху на «Залатой мары» дасягнулі інструментальны ансамбль «Свая ігра» пад кіраўніцтвам Леаніда Маліноўскага і фальклорны ансамбль «Вербіца» (кір.Марына Лубчонак), якія сталі ўладальнікамі Гран-пры конкурсу ў розных намінацыях.
Нелi РАДЗЬКО